Не паніка, а асьвета. Пра найлепшы сродак ад каронавіруса



Каронавірус “забівае” малую долю людзей, і без таго слабых здароўем. Забівае нават не сам каронавірус – ён толькі апошняя кропля тым, чыё цела ўжо было прыгнечана іншымі хваробамі. Беларуская мэдыцына наўрад ці абароніць гэтых людзей, але ці ёсьць сэнс панікаваць усім? Што акажа большы ўплыў на далейшае жыцьцё: сьмерці некалькіх ці іншыя зьмены, якія таксама прынес вірус?


Што гэта за зьмены? Скуль увогуле ўзяўся вірус і якія глыбокія зрухі праявіў?


Калі коратка, то спачатку мы плявалі на прыроду, і ў адказ яна чыхнула. Паставіла перад намі пытаньні: ці трэба нам усё тое, што спажываем? Ці трэба, напрыклад, “хімічныя” харчы, плястыкавая вопратка, лекі-падробкі, хлусьлівая “адукацыя”, падарожжы ў разфарбаваныя месцы? Ці любім мы ўсё гэта болей за само жыцьцё?


Сусьвет раскрывае нам вочы і на галоўнае: ці доўга працягнем, думаючы толькі пра сябе? Можа, варта думаць пра інтарэсы кожнага, у тым ліку прыроды? Шмат год нам даводзілі, што чарка і скварка важнейшыя за праўду, а капейка важнейшая за сумленьне. У нашых школах і сем’ях вучаць, як выжываць за кошт іншага, як падманваць і быць абыякавым, калі гэта выгодна. Мала хто згадвае, што гэта шлях да сьмерці. Мала хто кажа, што жыцьцё – гэта сьмеласьць і адказнасьць, гэта сумленьне, праўда і любоў. І яшчэ меней меней тых, хто паказвае асабісты прыклад.


Такім чынам, вірус – гэта ня толькі пра маскі і туалетную паперу. Вірус – гэта пакуль маленькая пстрычка па носе тым, хто забыўся на галоўнае.


Пачнем жа мяняцца, пачнем хоць адкуль.


Каб не вынаходзіць ровару, зірнем спачатку, на чым грунтуецца ўстойлівае разьвіцьцё найболей вольных і пасьпяховых народаў. Гэта ня тыя народы, хто спадзяецца на нафту, заводы, ракеты ці іншыя “залатыя” ідэі на адзін дзень. Найбольш устойліва разьвіваюцца тыя, хто думае пра доўгі час. У доўгім часе “залатых” рацэптаў няма. У доўгім часе заўсёды ёсьць няпэўнасьць, непрадказальнасьць, перамены. Там не дапамогуць традыцыі, гісторыя, правілы і догмы. Там дапамагае здольнасьць вучыцца. Скандынавы, швайцарцы, брытанцы і іншыя народы сьвету сёньня наперадзе таму, што пачалі не з гатовых рацэптаў у “Аднаклясьніках”, а з асьветы, з разьвіцьця навыкаў мысьленьня: як пытаць, сумнявацца, шукаць болей ведаў – і ўласную праўду.


Людзі там вучацца ўвесь час, як самастойна, так і праз разьвітыя ўстановы. І ўжо потым, на аснове ведаў, робяць СВАЕ высновы і прымаюць СВАЕ рашэньні. Падобна, што гэтыя народы найболей сышлі ад праблемы “дурасьці” насельніцтва і зьвязаных з гэтым бедаў праз тое, што прызналі сваю патрэбу вучыцца і сталі гэта рабіць. Пры гэтым ў сьвеце ёсьць і адваротныя прыклады: краіны, дзе вякамі сядзяць у цемры і чакаюць, калі прыйдзе і кудысь вывядзе “мудры правадыр”.


Яшчэ адна акалічнасьць падганяе беларусаў да асьветы: вонкавая небясьпека. Страхі, паніка, у тым ліку ад віруса, выгодныя магчымым прыгнятальнікам. Калі ахвяры ў страху, яны перастаюць думаць і гатовыя прыняць якое заўгодна “выйсьце”. Напрыклад, новага “правадыра” над сабой ці іншую форму адмаўленьня ад свабоды. Незьлічоныя “экспэрты страху” ужо выйшлі на сяўбу. Гатовыя падзяліцца “ведамі” з тымі, хто хоча хутка і проста.


Бяда не ў вірусе, і выйсьце не ў страху. Бяда ёсьць, пакуль няма ейнага разуменьня. Выйсьце жа з кожнай бяды ляжыць праз рост, праз тое, што мы становімся на прыступку вышэй над сабой учорашнімі. Для гэтага трэба шукаць веды і рабіць гэта заўсёдна: штодня, да апошняга ўздыху.


Адкуль лепей было б вучыцца сёньня? Лепей адтуль, дзе болей праўды. Гэта, напрыклад, мэдыі вольных краінаў. З дапамогай службаў аўтаматычнага перакладу можна чытаць навіны і іншыя зьвесткі на многіх мовах: пра той жа вірус, пра новыя тэхналёгіі, пра здароўе – пра што заўгодна. Сам я цаню рознастайныя навіны на фінскай старонцы https://yle.fi/, швэдзкай https://www.dn.se/, брытанскай https://www.theguardian.com/international. Гэта мэдыі, якія служаць свайму чытачу, а не вузкаму колу невызначаных асобаў.


У параўнаньні зь імі інфармацыя па-расейску, як правіла, “нізкай якасьці”. Па-першае, амаль уся яна прасякнута масавай прапагандай і цэнзурай, па-другое, за гады прамываньня мазгоў зьмяніліся і аўтары: яны часта ствараюць “правільную” вэрсію без аніякай дапамогі, бо ня ведаюць болей за тое, што ім дазволілі. Прыкладам, у Паўночнай Карэі не існуе словаў абазначаць “свабоду”, “правы”, “любоў” (акрамя любові да правадыра). Адпаведна, іхнія аўтары ня могуць навучыць гэтым паняткам.


Нягледзячы на важную працу, якую часта робяць мэдыі на беларускай мове, яны таксама ня маюць поўнага імунітэту ад “вірусаў”. Часам маўчаць пра важнае, а часам хорам сьпяваюць песьню, падкінутую з усходу. Часам пакутуюць на паўночнакарэйскі сындром: перадаюць слухачам паведамленьні экспэртаў страху, а не асьветнікаў. Было б добра, калі б яны часьцей цікавіліся думкай аўтарытэтных навукоўцаў ці хаця б людзей з адукацыяй сусьветнага роўню.


Вяртаючыся да віруса, нагадаю пра важнасьць гігіены рук. Нават яна пачынаецца зь гігіены галавы. Давайце ўжываць спачатку асьвету, потым дзеяньні. Давайце шукаць праўдзівую інфармацыю там, дзе яна хаця б можа быць. Давайце думаць і прымаць рашэньні самі, а не чакаць збаўцаў. Калі ж нехта прапаноўвае страх, “адзіна правільныя”, “непазьбежныя” і “іначай нельга” захады, раю: ветліва прапануйце ім пайсьці на BBC і працягвайце самаадукацыю.

a@nareika.com

+358-40-36-88-909

  • Aleksej Nareiko's Facebook
  • Aleksej Nareiko's YouTube Channel
  • Aleksej Nareiko's Instagram
  • Aleksej Nareiko's Twiter
  • Aleksej Nareiko's LinkedIn profile

© Aleksej Nareiko