Калі дзіцё ў Беларусі, то вядома, што валоданьне дзьвюма мовамі лепей за валоданьне адной. Беларуская мова дазваляе лягчэй вучыць іншыя эўрапейскія, а таксама вольна стасавацца з украінцамі (блізу 40 млн) і палякамі (болей за 50 млн). Беларуская мова ня толькі ўзбагачае разумовыя і пачуцьцёвыя здольнасьці дзіцяці (як і ўсякая мова), але і аддаляе дзіцё ад хлусьні, на якой пабудаваная расейская ідэнтычнасьць.

Фота: belsat.eu. Беларускі сцяг лунае ў Антарктыдзе. Зьняў Павел Падкарытаў
Калі дзіцё за мяжой і не ў Расеі, то паўстае пытаньне: ці вучыць яго беларускай мове ўвогуле – можа, лепей абмежавацца дзяржаўнай мовай краіны пражываньня?
Чалавек, асабліва ў маладым узросьце, можа засвоіць безьліч моваў, таму ня варта баяцца пераабцяжыць дзіцё. У шматнацыянальных мясьцінах Афрыкі, Азіі людзі зь дзяцінства засвойваюць па тры-чатыры, а то і па сем моваў. Натуральна, што некаторымі мовамі дзіцё будзе валодаць лепей, некаторымі горай. Аднак мудрэй даць яму як мага болей “ключыкаў да жыцьця” і пашырыць ягоны сьветапогляд, дзякуючы яшчэ адной багатай эўрапейскай мове і культуры.